ДУКО́РСКАЯ СЯДЗІ́БА.

Існавала ў 19 — пач. 20 ст. ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Належала Оштарпам, з 1874 — Гартынгам. У сядзібны комплекс у стылі класіцызму ўваходзілі палац, касцёл, гасп. пабудовы, парк.

Палац — 2-павярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак (пабудаваны ў 19 ст. Л.​Оштарпам). Гал. фасад быў аформлены 4-калонным порцікам з трохвугольным франтонам. Да тарцоў былі прыбудаваны 1-павярховыя прамавугольныя ў плане аранжарэі. Палац меў шмат жылых і парадных пакояў, б-ку на некалькі тысяч тамоў, архіў і інш. памяшканні. Была калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (у т. л. карціны Ф.​Смуглевіча, Я.​Дамеля), існаваў аркестр. Каля палаца стаяў касцёл 18 ст. Зруйнаваны ў гады Вял. Айч. вайны. Захаваліся флігель, уязная брама, фрагменты пейзажнага парку.

Ю.​А.​Якімовіч.

Дукорская сядзіба. Палац. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)